Зварот Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) да беларусаў на Бацькаўшчыне

9 жніўня ўноч беларускі сьвет ускалыхнуўся.

Дыктатарская ўлада чарговы раз паказала свой сапраўдны твар і пачала разлютавана рваць цела беларускага народа, які не стаў больш цярпець глум над яго воляй.

Наступныя дні беларусы па ўсёй зямлі адчувалі гэты бясконцы боль: боль катаваных памножаны на тысячы ахвяраў і годы прыніжэньняў. Сёньня беларусы па ўсім сьвеце пачалі дыхаць аднагучна. Беларуская нацыя канчаткова адрадзілася ад гнёту і літаргічнага сну.

Ужо больш ніколі мы не зможам заплюшчыць вочы на зьдзекі над сабой, парушэньні нашых правоў і нашай волі. Наступіў новы гістарычны паварот у жыцьці беларускага народа: час сумленна абіраць новы шлях ды ісьці да нашай лепшай долі. Мы, беларусы Амэрыкі, падтрымліваем наш народ на Бацькаўшчыне ў імкненьні да дэмакратыі і незалежнасьці.

Сёньня мы каля будынку ААН, каб увесь цывілізаваны сьвет таксама не мог заплюшчыць вочы на тое беззаконьне і катаваньні, якія адбываюцца ў Беларусі, і падтрымаў на міжнародным узроўні волю беларускага народа.

Мы, беларусы Амэрыкі, не прызнаем выбары прэзідэнта-2020 у сувязі са шматлікімі фальсіфікацыямі. Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў.Лічым неабходным правесьці новыя выбары без удзелу Лукашэнкі пад кантролем міжнародных наглядальнікаў і з новай выбарчай камісіяй. А таксама зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці, каб не дапусьціць вайсковага умяшальніцтва Расеі і акупацыі Беларусі. Сёньня ўся будучыня ў руках беларусаў на Бацькаўшчыне. Сапраўднае змаганьне толькі пачынаецца. Зараз трэба спраўдзіць сваю волю і пачаць паўнавартасна кіраваць сваёй краінай.

Беларусы трымайцеся! Мы зарам з вамі!

Верым! Можам! Пераможам!